ДАЛЁКАЎСХО́ДНЯЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на тэр. Усх. Сібіры і Д.Усходу ў 1920—22. Створана паводле рашэння ЦК РКП(б) з мэтай прадухіліць напад Японіі на РСФСР і забяспечыць умовы для ліквідацыі яп. інтэрвенцыі і белагвардзейскага руху на Д.Усходзе. Абвешчана 6.4.1920 на Устаноўчым з’ездзе працоўных Прыбайкалля. Уключала Забайкальскую, Амурскую, Прыморскую, Камчацкую вобласці і Паўн. Сахалін. Сталіца — Верхняудзінск (цяпер Улан-Удэ), з 10.11.1920 — Чыта. Прызнана сав. урадам 14.5.1920. У маі 1921 белагвардзейцы пры падтрымцы яп. інтэрвентаў захапілі ўладу ва Уладзівастоку, у снеж. 1921 — у Хабараўску. Пасля заняцця часцямі Нар.-рэв. арміі рэспублікі (каманд. В.К.Блюхер) Хабараўска (14.2.1922), Уладзівастока (25.10.1922) і інш. Японія эвакуіравала свае войскі.

Літ.:

Сонин В.В. Становление Дальневосточной республики, 1920—1922. Владивосток, 1990.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)